Беларуская Служба

Сваякам Вітольда Ашурка вярнулі рэчы, сярод іх няма асабістага дзённіка

11.07.2021 10:47
Брат палітвязня кажа, што Вітольд пісаў у лістах, што вядзе дзённік. 
Вітольд Ашураккрыніца: https://svabod1.azureedge.net/a/31267447.html/В.Быкоўская

Сваякам памерлага ў шклоўскай калоніі № 17 палітвязня Вітольда Ашурка вярнулі асабістыя рэчы. Але сярод іх няма дзённіка, які вёў актывіст, паведаміў БелаПАН брат загінулага Андрэй Ашурок.

«Крымінальнай справы пакуль няма, яшчэ не гатовыя экспертызы. Матэрыялаў праверкі сабралася на цэлы том. Але канкрэтыкі асаблівай пакуль няма, на жаль, і калі яна будзе, невядома», – сказаў Андрэй Ашурок.

Сваякі палітвязня забіралі рэчы ў турме ў Гродна і ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Аддалі адзенне, у тым ліку няношаную, якую, па-відаць, выдалі палітвязню ў шклоўскай калоніі, гадзіннік, прадметы гігіены.

Сярод атрыманых рэчаў, па словах Ашурка, не было дзённіка, пра які брат неаднаразова ўспамінаў у лістах і часам цытаваў адтуль фрагменты.

«Я напісаў скаргу на адсутнасць дзённіка. Вітольд пісаў, што яго вядзе. Гэта павінна быць агульны сшытак або некалькі сшыткаў. Магчыма, дзённік застаўся ў «карантыне» шклоўскай калоніі », – выказаў меркаванне брат палітвязня.

Следчы камітэт аддаў сваякам сотні лістоў, якія Вітольд Ашурок атрымліваў падчас зняволення і прывёз з сабой у калонію па этапе.

«Нам аддалі цэлы пакет лістоў. Некаторыя лісты былі перасланыя з Гродна ў Шклоў 21 красавіка, з іх не знятыя паштовыя цэтлікі. Мы мяркуем, што лісты ў «карантыне» Вітольду не аддавалі», – заявіў БелаПАН сябра Вітольда Сяргей Пантус.

Пра смерць Вітольда Ашурка паведамілі ўвечары 21 траўня. Папярэдняй прычынай смерці назвалі спыненне сэрца. Цела сваякам выдалі 25 мая.

18 студзеня суд Лідскага раёна прызнаў Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў нападзе на міліцыянта падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ав/naviny.by